Friday, March 27, 2015

Моманты

Бываюць такія моманты ў жыцці, калі ты спыняешся і задумляешся пра тое, што прайшло. Кожнаму чалавеку патрэбны такія моманты. І вось у адзін з такіх ты разумееш, што шмат чаго змянілася. А ты нават не зразумела, калі ўсё гэта адбылося. І ты зусім не тая дзяўчынка, якая была яшчэ два-тры гады таму, якая мела ружовыя мары. Зараз ты вучышся шанаваць болей тое, што маеш, а не марыць аб нечым далёкім і, мабыць, і не патрэбным. Некаторыя мары засталіся, куды ж дзяўчатам без іх? Але яны зусім іншыя, больш дарослыя і маюць здольнасць цябе накіроўваць на дзеянні, каб ты магла наблізіцца да іх. Некаторыя ўжо збыліся, а некаторыя няхай і застануцца марамі, аб якіх можна проста думаць з усмешкай на твары.
Змянілася тваё стаўленне да шматлікіх рэчаў. І ты не разумееш, чаму раней яны табе не падабаліся, чаму ты была супраць іх. Менавіта таму яны табе зараз больш даражэй. З тваім стаўленнем мяняецца і любоў да іх. А з некаторымі рэчамі наадварот: тое, што табе падабалася, што цябе вабіла, здаецца зараз смешным, абыякавам ды нялюбым.
Як жа гэта адбылося? Калі і чаму? Усе гэта дзякуючы зноў жа тым момантам, якія з табою былі, як добрым, так і кепскім, дзякуючы новым знаёмствам, людзям, якія паўплывалі на цябе, да меркаванняў якіх ты прыслухоўваешся. Менавіта яны змяняюць цябе, твой светапогляд, твае паводзіны і стаўленне да рэчаў, да жыцця ўвогуле. І тут ты разумееш, што ты шчаслівая ў гэты момант і што само жыцце - гэта і ёсць радасць і самая вялікая мара, якая толькі можа быць. Няхай і ў ім столькі гора і няпраўды, але нам усе ж такі застаецца надзея, надзея на лепшае з усмешкай у глыбіні сэрца...


No comments:

Post a Comment