Wednesday, June 3, 2015

Мова, родная мова

Зьмены, зьмены! І чаму некаторым гэтая з'ява не падабаецца? Некаторыя хочуць жыць прошлым, нічога не мяняць. Канечне, ёсьць моманты, дарагія нам, і хачацца, каб яны не заканчваліся, хочацца пражываць іх зноў, і зноў. Але тады мы закрываем свае жыццё ад новых прыемных момантаў, якія бываюць болей прыемнымі, чым моманты, якія былі раней. 

Ці магла бы я сабе раней уявіць, што я буду ўлюблёнай калісьці ў беларускую мову? Не, не магла. Гэта была, шчыра кажучы, для мяне не самая прыгожая мова. Але ішоў час, і маё стаўленне зьмянілася: з часам я палюбіла мовы і пачала адчуваць іх характары. І кожная мова для мяне прыгожая і, як і мастак ці музыка, які не можа вызначыць, які колер ці музыкальны твор яму больш за ўсё падабаецца, так і я не магу вызначыць, якая ж мова найпрыгажэйшая. Усе яны сваеасаблівыя і розныя, прыгожыя па-свойму. Але родная мова - гэта нешта асаблівае: яна выклікае добрыя пачуцці ў сэрцы, яна цябе натхняе, і ты маеш пэўную асалоду, калі чуеш яе ці гаворыш на ёй. Ты адчуваеш, што гэта частка твайго жыцця, частка цябе, яна звязана з табой духоўна. Бо гэта сам ты, бо ты беларус і ўсе твае рысы так ці інакш звязаны з рысамі тваёй мовы.

І ці можна сароміцца яе? Сароміцца загаварыць на ёй, сароміцца вывучаць яе, лічыць непатрэбнай, непрыгожай, не "тваёй"? Не, нельга! Нельга забывацца на родную мову! Што ад нас застанецца, калі мы страцім яе, калі здрадзім ёй? Хто мы будзем пасля гэтага? Нельга так...

Ці гатовыя мы да зьменаў?..

Friday, March 27, 2015

Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём...

Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.

Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.

Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці —
Імгненне.
(Рыгор Барадулін)


Моманты

Бываюць такія моманты ў жыцці, калі ты спыняешся і задумляешся пра тое, што прайшло. Кожнаму чалавеку патрэбны такія моманты. І вось у адзін з такіх ты разумееш, што шмат чаго змянілася. А ты нават не зразумела, калі ўсё гэта адбылося. І ты зусім не тая дзяўчынка, якая была яшчэ два-тры гады таму, якая мела ружовыя мары. Зараз ты вучышся шанаваць болей тое, што маеш, а не марыць аб нечым далёкім і, мабыць, і не патрэбным. Некаторыя мары засталіся, куды ж дзяўчатам без іх? Але яны зусім іншыя, больш дарослыя і маюць здольнасць цябе накіроўваць на дзеянні, каб ты магла наблізіцца да іх. Некаторыя ўжо збыліся, а некаторыя няхай і застануцца марамі, аб якіх можна проста думаць з усмешкай на твары.
Змянілася тваё стаўленне да шматлікіх рэчаў. І ты не разумееш, чаму раней яны табе не падабаліся, чаму ты была супраць іх. Менавіта таму яны табе зараз больш даражэй. З тваім стаўленнем мяняецца і любоў да іх. А з некаторымі рэчамі наадварот: тое, што табе падабалася, што цябе вабіла, здаецца зараз смешным, абыякавам ды нялюбым.
Як жа гэта адбылося? Калі і чаму? Усе гэта дзякуючы зноў жа тым момантам, якія з табою былі, як добрым, так і кепскім, дзякуючы новым знаёмствам, людзям, якія паўплывалі на цябе, да меркаванняў якіх ты прыслухоўваешся. Менавіта яны змяняюць цябе, твой светапогляд, твае паводзіны і стаўленне да рэчаў, да жыцця ўвогуле. І тут ты разумееш, што ты шчаслівая ў гэты момант і што само жыцце - гэта і ёсць радасць і самая вялікая мара, якая толькі можа быць. Няхай і ў ім столькі гора і няпраўды, але нам усе ж такі застаецца надзея, надзея на лепшае з усмешкай у глыбіні сэрца...